Лячэбны факультэт

Спецыяльнасць 1-79 01 01 «Лячэбная справа»

lf 1lf 2

Гісторыя лячэбнага факультэта - гэта гісторыя ВДМУ, бо яго стварэнне і развіццё непарыўна звязана са станаўленнем ВНУ. Раней працай факультэта кіравалі дац. П.М. Гурэвіч, праф. Г.І. Коган (1937), праф. Н.Л. Крычэўскі (1939), дац. В.В. Каробка (1939-1941), дац. Е.С. Кеціладзэ (1957-1959), асс. Д.А. Маслакоў (1959-1964), дац. Н.П. Леткіна (1965-1967), дац. А.Ф. Катовіч (1967-1969), дац. М.М. Пяткевіч (1969-1970), праф. Н.Ф. Лызікаў (1970-1976), дац. Е.А. Непакайчыцкі (1971-1976), праф. В.С. Макаранка (1976-1985), праф. Ю.Б. Мартаў (1985-1989), праф. М.А. Нікольскі (1989-1997).

У 1997 годзе рэктарам ВНУ прызначаны член-карэспандэнт БЕЛАМН, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь прафесар А.М. Косінец, пад кіраўніцтвам якога пачаўся новы этап у развіцці ВНУ. З 1997 года лячэбны факультэт узначаліла прафесар Н.Ю. Канявалава. У 2006 годзе рэктарам ВНУ стаў прафесар В.П. Дзяйкала, а дэканам лячэбнага факультэта - прафесар В.М. Сямёнаў. З 2014 года факультэт узначальвае прафесар І.У. Гарадзецкая.

Дзякуючы высокай кваліфікацыі выкладчыкаў студэнты лячэбнага факультэта атрымліваюць сучасную медыцынскую адукацыю, якая дазваляе ім дастойна прадстаўляць наш універсітэт ва ўсіх кутках Зямлі. Навучанне на факультэце працягваецца 6 гадоў, на шостым курсе - па профілях субардынатуры: тэрапія, хірургія, акушэрства і гінекалогія, анестэзіялогія і рэаніматалогія, педыятрыя. На першым і другім курсах студэнты вывучаюць дысцыпліны сацыяльна-гуманітарнага і натуральна-навуковага цыклаў, а таксама цыклу агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплін, вывучэнне якіх працягваецца на трэцім курсе. Студэнты чацвёртага - шостага курсаў займаюцца на кафедрах, размешчаных у клінічных лячэбна-прафілактычных установах, што дазваляе набыць ім не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі.

У апошнія гады колькасць студэнтаў, якія навучаюцца на лячэбным факультэце, павялічылася і складае больш за 3 300 чалавек, з якіх амаль 30% атрымліваюць адукацыю на платнай аснове.

Заняткі праводзяцца на 8 кафедрах лячэбнага факультэта і 31 агульнаўніверсітэтскай кафедры. Выкладанне вядуць 45 дактароў навук (з іх 35 прафесараў), 190 кандыдатаў медыцынскіх навук (з іх 127 дацэнтаў) і 212 выкладчыкаў без навуковай ступені.

На лячэбным факультэце створаны і паспяхова функцыянуюць навукова-педагагічныя школы, якімі кіруюць прафесары А.М. Косінец, В.П. Дзяйкала, Н.Ю. Канявалава, М.Р. Сачак, В.П. Адаскевіч, В.Я. Бекіш, І.І. Бурак, І.І. Генералаў, В.С. Глушанка, С.М. Занько, В.І. Казлоўскі, А.М. Літвякоў, М.Р. Луд, А.Д. Мядзелец, Д.К. Новікаў, В.М. Сямёнаў, У.М. Шылянок і іншыя, імёны якіх шырока вядомы ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі.

Значная ўвага надаецца ўкараненню ў адукацыйны працэс сучасных інавацыйных тэхналогій і вучэбных матэрыялаў новага пакалення (мультымедыйных трэнажораў, віртуальных праграм) і выкарыстанню іх у навачанні. Практычна ўсе выкладчыкі лячэбнага факультэта прымаюць актыўны ўдзел у рабоце лабараторыі інавацыйнай педагогікі.

На ўсіх кафедрах факультэта ўкаранена і выкарыстоўваецца рэйтынгавая сістэма адзнакі ведаў студэнтаў, якая дазваляе аб'ектыўна ацаніць іх веды і ўменні і павышае матывацыю паспяховага засваення адукацыйных праграм. Таксама ўжываецца рэйтынгавая сістэма адзнакі дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага саставу.

Акцэнт надаецца практычнай падрыхтоўцы студэнтаў. Пералік практычных уменняў і навыкаў, якімі яны павінны авалодаць за ўсе гады навучання, прыведзены ў "Дзённіку ўліку практычных навыкаў". Навыкі набываюцца як падчас практычных заняткаў, так і падчас дзяжурстваў у клініцы, якія пачынаюцца з трэцяга года навучання. З 2014 года на 4 - 6 курсах уведзена выкладанне міждысцыплінарнага курсу "Адпрацоўка практычных навыкаў і ўменняў", якое арганізавана на базе цэнтра практычнай падрыхтоўкі і сімуляцыйнага навучання ўніверсітэта, а таксама на клінічных базах. Кожнае лета, пачынаючы з трэцяга курса, студэнты лячэбнага факультэта праходзяць вытворчую практыку, пасля трэцяга курса - сястрынскую, пасля чацвёртага - урачэбную паліклінічную, пасля пятага - урачэбную клінічную. У перыяд праходжання практыкі студэнты маюць магчымасць ужыць атрыманыя веды непасрэдна ў клініцы.

Студэнты лячэбнага факультэта актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці ў навуковых гуртках, якія створаны і працуюць на ўсіх кафедрах. Кіруюць гурткоўцамі найбольш дасведчаныя супрацоўнікі з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу. Лепшых гурткоўцаў пасля заканчэння ўніверсітэта па рэкамендацыі Савета ВНУ залічаюць у магістратуру і аспірантуру. Паглыбіць і пашырыць веды студэнтаў таксама дапамагаюць электыўныя курсы, распрацаваныя з улікам навейшых дасягненняў навукі, практыкі і новых тэхналогій навучання. Звычайна на вучэбны год плануецца каля 40 электыўных курсаў, такіх як: "Клінічная біяхімія", "Клінічная фізіялогія", "Абраныя пытанні кардыялогіі", "Доказная медыцына", "Ультрагукавая дыягностыка паталогіі ўнутраных органаў" і інш.

Пасля заканчэння ўніверсітэта размеркаванне на першае месца працы праводзіцца на аснове рэйтынгу студэнтаў, іх удзелу ў грамадскім жыцці ВНУ і ў студэнцкім навуковым грамадстве за ўсе гады навучання. Першы год выпускнікі працуюць урачамі-інтэрнамі пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў. Гэта значыць яшчэ працягваюць навучанне.

На факультэце вялікая ўвага надаецца не толькі вучэбнай, навуковай, але і выхаваўчай рабоце са студэнтамі, якую ажыццяўляюць куратары груп пад кіраўніцтвам Савета па выхаваўчай рабоце. Нашы студэнты з'яўляюцца пастаяннымі і актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў, неаднаразовымі пераможцамі розных аглядаў-конкурсаў як універсітэцкіх, так і рэспубліканскіх.

Студэнты лячэбнага факультэта пастаянна ўдзельнічаюць у праграмах міжнароднага абмену ў рамках акадэмічнай мабільнасці: абмен на летнюю практыку з Кіраўскай дзяржаўнай медыцынскай акадэміяй, Самарскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, Разанскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам ім. акадэміка І.П. Паўлава; азнаямленчая стажыроўка ва ўніверсітэцкіх клініках Германіі па лініі Германскай службы акадэмічных абменаў DAAD і інш.

Штогод студэнтам лячэбнага факультэта прызначаюцца Прэзідэнцкія стыпендыі. Нашы студэнты неаднаразова станавіліся пераможцамі Рэспубліканскіх і міжнародных Алімпіяд.

Лячэбны факультэт ВДМУ заўсёды адрозніваецца высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў, вялікай актыўнасцю ў навукова-даследчай і грамадскай рабоце і высокім прафесіяналізмам у лячэбнай дзейнасці.